Асабісты кабінет

Феномен даследчыцкай зацікаўленасці ды чытацкага шанавання

  • 17 кастрычніка 2025 15:42:00

Да 95-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча

Як павялічыць наклад часопіснага нумара амаль удвая? 
Прысвяціць яго Уладзіміру Караткевічу! 
Чытацкая адданасць гэтаму творцу з гадамі толькі мацнее: прапануйце сёння беларусу любога ўзросту назваць любімых літаратараў – і абавязкова пачуеце імя Караткевіча, часцей за ўсё менавіта яно прагучыць першым. Запатрабаванасць новага праекта “Роднага слова”, звернутага да спадчыны пісьменніка, перавысіла самыя смелыя чаканні рэдакцыі. 
Гэты нумар – чарговы ў зборы альманахаў часопіса, што традыцыйна выходзяць да юбілеяў класікаў нацыянальнай літаратуры. Кожны з такіх выпускаў выклікае нязменную ўвагу і вельмі хутка робіцца рарытэтным. Нібы пацвярджае – даследчыцкай зацікаўленасцю ды чытацкім шанаваннем – непахіснаць айчыннага пантэона прыгожага пісьменства. Месца Уладзіміра Караткевіча ў ім сапраўды адметнае. Пра гэта – у кожнай публікацыі нумара. 
Першы зварот нашага выдання да асобы пісьменніка ў фармаце альманаха адбыўся яшчэ пяць гадоў таму і ўжо тады выразна засведчыў незвычайную “паўнаводнасць” айчыннага караткевічазнаўства. Сёлета сітуацыя паўтарылася: сотні часопісных старонак не хапіла, каб змясціць усё вартае вашай увагі. 
Нашы аўтары дзеляцца не толькі сучасным, але і вельмі асобасным прачытаннем спадчыны Уладзіміра Караткевіча. Часам падаецца, што кожны з іх не проста асэнсоўвае класіка з пазіцый літаратура- ці мовазнаўства ХХІ стагоддзя, а захоплена апавядае пра ўласныя чытацкія адкрыцці. Не сказаць каб выпадкова, але не згаворваючыся, кожны паасобку і ўсе разам, яны акрэслілі стэрэаскапічны абрыс велічнага замка караткевіцкай творчасці. Правялі чытача пад гатычна-рамантычныя шаты яго мастацкага сусвету, напоўненага акордамі арганнага харала, героіка-эпічным рэчытатывам, пяшчотна-лірычнымі пера­лівамі лугавых званочкаў ды баладным пошумам дуброў.
Асацыяцыі могуць быць розныя, але, галоўнае, тут знайшлі адлюстраванне размаітыя іпастасі таленту пісьменніка: гісторыка-рамантыка, чый вобраз Айчыны стаў кананічным; песняра і абаронцы роднага краю, чыё сэрца білася ў мінуўшчыне са спадзявальным клопатам пра будучыню; паэта-лірыка і паэта-філосафа; тонкага знаўцы роднага слова; раманіста-наватара і кінадраматурга-асветніка. 
Ярка прэзентуюць уласны досвед аўтары раздзела “Методыка і вопыт”, упэўнена выяўляючы стваральны патэнцыял спадчыны Караткевіча ў адукацыйна-выхаваўчым працэсе. Невыпадкова гэты нумар-альманах выходзіць з вялікім віртуальным дадаткам, што служыць прафесійнай падтрымцы педагогаў і дапамагае адказаць ці не на самае актуальнае сёння пытанне: “Як выкладаць літаратуру ў эпоху нейрасетак?”
Уладзімір Караткевіч – пісьменнік, якога не трэба рэкламаваць, яго імя нязменна ачольвае любыя рэйтынгі нацыянальнай літаратуры. Мы ж прапануем абавязкова чытаць і пра самога Караткевіча, каб разам разгадаць магічны феномен яго таленту. 

 

Наталля ШАПРАН,
галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова”.